Беларуская Служба

Расійскія афіцыйныя СМІ адказныя за развязванне агрэсіі супраць Украіны

15.10.2025 14:29
Міжнародная экспертная ініцыятыва iSANS падрыхтавала даклад, у якім сабраныя доказы злачынства з боку расійскай і беларускай прапаганды -  заклікі да генацыду ўкраінцаў.  Гэтай інфармацыяй зацікавілася ўкраінская пракуратура ды эксперты АБСЕ.
Аўдыё
  • Размова з экспертам iSANS пра заклікі да генацыду ўкраінцаў у расійскай прапагандзе
   iSANS
Вытрымкі з дакладу iSANS "ПРЕСТУПЛЕНИЕ ПРИЗЫВОВ К ГЕНОЦИДУ УКРАИНЦЕВ В РОССИЙСКОЙ И БЕЛАРУССКОЙ ПРОПАГАНДЕ"https://isans.org/

Міжнародная экспертная ініцыятыва iSANS – гэта структура, вядомая тым, што займаецца выяўленнем, аналізам і супрацьдзеяннем гібрыдным пагрозам дэмакратыі, вяршэнству права і суверэнітэту дзяржаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Апошнія 3 гады адным з ключавых напрамкаў дзейнасці арганізацыі стала дакументаванне і аналіз антыўкраінскіх і антызаходніх выказванняў у прапагандзе Беларусі і Расіі. Падчас нядаўняй канферэнцыі АБСЕ ў Варшаве аналітыкі iSANS  прэзентавалі даклад пра «Злачынства заклікаў да генацыду ўкраінцаў у расійскай і беларускай прапагандзе». Пра галоўныя высновы гэтага дакументу мы паразмаўлялі са старэйшым аналітыкам ініцыятывы Андрэем Каліхам.

— Перш за ўсё трэба сказаць, што без інфармацыйнай і дэзінфармацыйнай кампаній, без прапаганды гэтая вайна не адбылася б наогул, больш за тое, без прапаганды не адбыліся б тыя страшныя злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы, якія здзяйсняла расійскае войска на тэрыторыі Украіны з пачатку поўнамаштабнага ўварвання.  Наш аналіз паказвае, што  пры падрыхтоўцы да поўнамаштабнага ўварвання была разгорнута шырокая сістэмная дзяржаўная інфармацыйная кампанія, мэтай якой было падрыхтаваць грамадства і вайскоўцаў, салдат, будучых акупантаў да вядзення вайны супраць украінцаў. Мэтай гэтай кампаніі было паказаць, што Украіна гэта не самастойная дзяржава, так званая недадзяржава, што самі ўкраінцы - гэта ўсяго толькі частка рускіх, якія раптам вырашылі, што яны ўкраінцы, што ўкраінскай мовы не існуе, а ёсць дыялект рускай мовы, што ўсё гэта не Украіна, а Маларосія. Усё гэта расійскія прапагандысты пачалі прыдумваць яшчэ да 2022 года, адмаўляць Украіне права на існаванне, што яна захоплена хеўрай нацыстаў-нацыяналістаў-бандэраўцаў. Усё гэта служыла падставай і абгрунтаваннем для будучай агрэсіі. Такім чынам, агрэсіўная прапаганда рыхтавала грамадства і саму дзяржаву, і войска да пачатку вайны. Вось якая мэта была гэтай прапагандысцкай кампаніі.

Хто задае тон у гэтай кампаніі: толькі прапагандысты ці таксама палітыкі, грамадскія дзеячы?

— Вядома, не толькі прапагандысты, трэба найперш сказаць пра тое, што галоўны прапагандыст, вядома, сам Уладзімір Пуцін. Ён ініцыятар, і яго Рада бяспекі, і яго набліжанае кола рэакцыянераў- рэваншыстаў, імперыялістаў, якія захацелі ўзнаўленні Савецкага Саюза. Яны ўсё з'яўляюцца крыніцамі антыўкраінскіх наратываў ды ўсіх астатніх прапагандысцкіх антызаходніх, антыеўрапейскіх наратываў і гэтак далей. Далей прапаганда іх проста развівае, гэта значыць, у дадзеным выпадку прапаганда з'яўляецца рэтранслятарам таго, што ёй гавораць з блакітных экранаў кіраўнікі дзяржавы.

Чаму Вы гаворыце пра генацыд і заклікі да генацыду? На што вы абапіраецеся, ці ў вас ёсць неабходныя доказы?

— Гаворка ідзе пра тое, што гэтая масавая кампанія, мы падрыхтавалі, мы прагледзелі велізарную колькасць матэрыялаў, больш за 900 выказванняў і цытат прапагандыстаў, высокапастаўленых лідараў краіны, большасць з якіх з'яўляюцца мовай варожасці, мовай нянавісці, як мы гэта называем. Заклікамі да генацыду з'яўляюцца прамыя і публічныя падбухторванні заклікі да знішчэння групы людзей або часткі яе, гэтай групы, з мэтай проста знішчыць усю групу. Згодна з Канвенцыяй аб супрацьдзеянні генацыду і Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суда, гэтыя злачынствы з'яўляюцца міжнароднымі злачынствамі. У артыкуле 3 Канвенцыі па генацыдзе сказана, што пакаранымі будуць таксама наступныя дзеянні, там пералічваецца шэраг дзеянняў, у тым ліку і заклікі да ажыццяўлення генацыду.

У расійскай прапагандзе і афіцыйных СМІ часта сустракаюцца заклікі да забойства ўкраінцаў?

 Так, абсалютна, і гэта зафіксавана ў нашым дакладзе. Мы сабралі ў цэлым 174 выказванні прапагандыстаў і высокапастаўленых функцыянераў, з іх прыкладна 50 выказванняў, якія мы аднеслі і класіфікавалі як прамыя і публічныя заклікі да знішчэння ўкраінцаў, да знішчэння нацыянальнай групы ўкраінцаў ці часткай гэтай групы, гэта значыць такім чынам заклікі да генацыду.

Ці гэтая кампанія нянавісці працягваецца?

— Без сумневу яна працягваецца, украінцаў працягваюць зневажаць і дыскрэдытаваць і дэгуманізаваць у расійскіх праўладных каналах і на тэлебачанні. Тое ж самае адбываецца і ў беларускай прапагандзе, праўда, у меншай ступені, менавіта таму мы сабралі значна менш цытат, напрыклад, з беларускіх праўладных каналаў, дзе гэта ўсё адбываецца, але значна ў меншай ступені.

Адмысловец зазначае, што ў закліках да генацыду ўдзельнічаюць і лукашэнкаўскія прапагандысты, але бачна таксама, што ў Мінску ўсё больш і больш хацелі б міру.

— Беларусь - гэта саўдзельнік агрэсіі, гэта мы ўсе ведаем, але гэта ўсё ж не вайна беларусаў, беларускага народа, гэта нават не вайна Лукашэнка, які даў тэрыторыю, плацдарм для атакі з беларускай тэрыторыяй. Аналіз яго выказванняў дэманструе, што расце яго незадаволенасць бягучай вайной, ён таксама думаў, што гэта будзе тры дні працягвацца ці неяк так, але гэта працягваецца вось ужо чацвёрты год, і аналіз яго выказванняў, аналіз увогуле беларускай прапаганды паказвае, што яна перш за ўсё кліча да міру, яна кліча да перамоў, вядома, не прымяншаючы ролю Пуціна. Беларусь так ці інакш заклікае да міру.

Вы  прэзентавалі даклад падчас форума АБСЕ, якая была рэакцыя ўкраінскіх ды міжнародных экспертаў?

— Рэакцыя была вельмі добрая, увогуле трэба сказаць, што задоўга да афіцыйнай прэзентацыі дакладу на нас выйшлі прадстаўнікі офіса Генеральнай пракуратуры Украіны, якія выказалі цікавасць  гэтым дакладам, таму што яны займаюцца тым жа самым, што і мы, яны класіфікуюць выказванні прапагандыстаў і кваліфікуюць іх як заклікі да ваенных злачынстваў, злачынстваў чалавечнасці і вось зацікавіліся генацыдам супраць украінцаў. Прэзентацыя на канферэнцыі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, на якой мы агучылі даклад на пачатку кастрычніка, таксама паказала добрыя вынікі, былі прадстаўнікі Украіны, былі прадстаўнікі місіі Украіны пры АБСЕ, якія добра, станоўча адгукаліся і папрасілі нас працягваць гэтую дзейнасць. Мы будзем працягваць весці не толькі маніторынг расійскай прапаганды, але ўсё, што тычыцца заклікаў да знішчэння Украіны, украінцаў і гэтак далей, усё, дзе мы можам унесці наш сціплы ўклад у далейшы пераслед ваенных злачынцаў, вось чым мы будзем займацца.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч